:

Княства Манака

Тэрыторыя – 2,02 кв. км. Насельніцтва – каля 39000 чал. Дзяржаўная мова – французская. Таксама распаўсюджаны англійская і італьянская мовы. Захоўваецца ва ўжыванні манакская мова (генуэзскі дыялект старой італьянскай мовы). Грашовая адзінка — еўра. Нацыянальнае свята — 19 лістапада «Дзень Князя».

Дзяржаўны лад Княства Манака ўяўляе сабой спадчынную канстытуцыйную манархію. Кіруючы Князь мае шырокія ўладныя паўнамоцтвы і на справе кіруе краінай. У яго прамым падначаленні -Адміністрацыя княскага палаца, у якую ўваходзяць кабінет Князя і Ганаровая служба.

Пры Князі дзейнічае кансультатыўны орган – Рада Кароны, якая складаецца з сямі членаў, прызначаных Князем. Князь кансультуецца з Саветам па пытаннях падпісання і ратыфікацыі дагавораў, роспуску парламента, памілаванняў і амністый, прыёму ў падданства.

Другі кансультатыўны орган – Дзяржаўны Савет, 12 членаў якога прызначаюцца Князем па ўзгадненні з урадам. Дзяржаўны савет ажыццяўляе канстытуцыйны нагляд, выказвае меркаванне па праектах законаў і княжых указаў.

Заканадаўчая ўлада належыць Князю і аднапалатнаму Нацыянальнаму савету, 24 дэпутата якога абіраюцца з ліку падданых Княства на пяць гадоў усеагульным прамым таемным галасаваннем. Парламент галасуе па унесеных законапраектах, прымае бюджэт, займаецца падатковымі і сацыяльнымі пытаннямі.

Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам Манака, на чале якога стаіць Дзяржаўны міністр. Ва ўрад уваходзяць пяць дзяржаўных саветнікаў-міністраў. У структуры ўрада пяць дэпартаментаў, якія падпадзяляюцца на дырэкцыі і службы. На чале дэпартаментаў стаяць адпаведныя ўрадавыя саветнікі.
Пры ўрадзе працуе кансультатыўны орган – Эканамічны і сацыяльны савет, які курыруе пытанні фінансаў, прамысловасці і гандлю.

На чале судовай сістэмы ў Манака знаходзіцца кіруючы Князь, які дэлегуе ажыццяўленне правасуддзя судам. Асноўныя інстытуты судовай улады — Вярхоўны трыбунал, Апеляцыйны суд, Рэвізійны суд, Трыбунал першай інстанцыі і міравыя суддзі.

Манака ўяўляе сабой адзіны горад (камуна), які складаецца з пяці раёнаў: Манака-Віль, Ля Кондамин, Монтэ-Карла, Фонвьей, Ларвотто.

Аснову эканомікі Княства ў многім фарміруюць індустрыі ігральнага бізнесу і турызму. У Манака створана адмысловая эканамічная зона – так званая «падатковая гавань». Для фізічных асоб-рэзідэнтаў Княства падаходны падатак адсутнічае. Калі больш за 75% абароту прадпрыемства ажыццяўляецца на тэрыторыі Княства, яно вызваляецца ад выплаты падаткаў.

Прамысловасць Манака прадстаўлена малымі і сярэднімі прадпрыемствамі, у асноўным у сферы машынабудавання, фармацэўтыкі, хіміі, касметалогіі, тэкстылю, прадуктаў харчавання. Таксама ў краіне працягваецца пашырэнне тэрыторыі за кошт мора.

З 2018 г. па 2025 г. на створанай платформе плошчай 6 га будуецца новы квартал жылых і гандлёвых плошчаў. Значныя даходы прыносіць турызм, у тым ліку спартыўны і дзелавы. Княства штогод наведваюць 7-8 млн. турыстаў.

Манака — член ААН, АБСЕ, Савета Еўропы, а таксама ЮНЕСКА, МАГАТЭ, ІКАО, СААЗ, ФАО і іншых міжнародных арганізацый. У Княстве размешчаны штаб-кватэры Міжнароднай гідраграфічнай арганізацыі, Міжнароднай камісіі па навуковым даследаванням Міжземнага мора, Міжнароднай лабараторыі марской радыеактыўнасці МАГАТЭ.

На міжнароднай арэне Манака прасоўвае тэматыку барацьбы са зменай клімату і захавання дзікай прыроды. Княства актыўна ўцягнута ў міжнародную дзейнасць па развіцці. Акрамя прамой дзяржаўнай дапамогі Княства замежным краінам, манакскія НДА ажыццяўляюць міжнародную гуманітарную дзейнасць.

Беларуска-манакскія адносіны

Дыпламатычныя адносіны Рэспублікі Беларусь з Княствам Манака ўстаноўлены 15 красавіка 2016 г. у г.Парыжы шляхам падпісання Сумеснага камюніке аб устанаўленні дыпламатычных адносін.

Двухбаковае супрацоўніцтва паступальна развіваецца ў сферы эканомікі, культуры і спорту.

1 лютага 2018 г. на базе эканамічнага савета Манака праведзена першая прэзентацыя гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных магчымасцяў Беларусі.

У чэрвені 2019 года зборная каманда Княства прыняла ўдзел у II Еўрапейскіх гульнях у Мінску. Беларуская дэлегацыя рэгулярна ўдзельнічае ў міжнародным форуме «Мір і спорт», які штогод праходзіць у Манака пад патранатам Князя Альбера II.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці