Францыя
3 студзеня 1992 г. Французская Рэспубліка афіцыйна прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены 25 студзеня 1992 г. У сакавіку 1992 года ў г.Парыжы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь, у маі 1992 года – Пасольства Францыі ў г.Мінску.
11-13 ліпеня 1996 г. адбыўся візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў Францыю – першы афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў краіны далёкага замежжа. 11 ліпеня 1996 г. ў ходзе візіту быў падпісаны Дагавор аб супрацоўніцтве і паразуменні паміж Рэспублікай Беларусь і Французскай Рэспублікай.
11-12 лютага 2015 г. адбыўся візіт Прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда ў Беларусь для ўдзелу ў перамовах па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту ў нармандскім фармаце.
Міжпарламенцкае беларуска-французскае супрацоўніцтва ажыццяўлялася ў рамках парламенцкіх груп сяброўства. У 1993 годзе была створана група дружбы «Францыя-Беларусь» у Нацыянальным Сходзе Францыі, у 2018 годзе аналагічная група створана ў Сенаце Францыі.
Складовай часткай беларуска-французскіх адносін з’яўляецца ўзаемадзеянне на рэгіянальным узроўні, супрацоўніцтва гарадоў Беларусі і Францыі: Мінск – Ліён, Гомель – Клермон-Феран, Брэст – Брэст, Партызанскі раён г.Мінска – г.Туркуэн, Цэнтральны раён г.Мінска – г.Невер.
У мэтах садзейнічання развіццю дэцэнтралізаванага супрацоўніцтва адкрыты шэраг ганаровых консульстваў Беларусі ў Францыі: у 2015 годзе – першае ганаровае консульства ў г.Ліёне, у 2017 – у г.Марсэлі.
У 2015 – 2020 гадах на рэгулярнай аснове праходзілі кансультацыі паміж МЗС, сустрэчы і перамовы на ўзроўні кіраўніцтва міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Францыі, актыўна развівалася супрацоўніцтва ў сферы культры.
У апошнія гады палітычныя кантакты і двухбаковае ўзаемадзеянне паміж краінамі значна ўскладніліся ў сувязі з непрызнаннем афіцыйным Парыжам вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і адмовай ад развіцця ўзаемапаважлівага і канструктыўнага дыялогу з Рэспублікай Беларусь.
Дасягнуўшы свайго гістарычнага максімуму ў 2021 годзе, дынаміка тавараабароту паміж краінамі у наступныя гады набыла ўстойлівы негатыўны трэнд. З прычыны ўвядзення абмежавальных мер Еўрапейскага саюза, якія парушаюць міжнароднае права, а таксама звязаных з імі цяжкасцей у ажыццяўленні фінансавых разлікаў і лагістыцы дастаўкі тавараў практычна спыніліся пастаўкі ў Францыю якаснай, канкурэнтаздольнай і запатрабаванай прадукцыі з Беларусі.
На бягучым этапе гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Францыяй мае абмежаваны характар.