:

Аб заключным мерапрыемстве ў Парыжы з нагоды юбілею М.К. Агінскага

09.10.2015 г.

9 кастрычніка 2015 года ў Пастаянным прадстаўніцтвы Беларусі пры ЮНЭСКА адбылося заключнае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню 250-годдзя з дня нараджэння выбітнага дыпламата, палітыка і музыканта Міхала Клеафаса Агінскага.

Юбілей М.К. Агінскага па ініцыятыве Беларусі, Літвы і Польшчы ўключаны ў Спіс памятных дат ЮНЭСКА на 2015 год.

Урачысты вечар быў арганізаваны Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЭСКА і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі пры падтрымцы Франка-беларускай асацыяцыі ”Жыццё ў музыцы“.

Выкладчыкі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадставілі музыкальна-харэаграфічную пастаноўку ”Клеафас. Вечны сум паланэза“, падчас якой былі выкананы творы М.К. Агінскага, С.Манюшкі, Ф.Шапэна, Ж.Афэнбаха, У.Кур’яна, а таксама харэаграфічная сюіта ”Клеафас“ па матывах балета ”Паланэз“.

Гасцям мерапрыемства было таксама прапанавана азнаёміцца з выставай архіўных матэрыялаў, прысвечаных М.К. Агінскаму, якая была падрыхтавана Дзяржаўным музеем гісторыі музычнага і тэатральнага мастацтва Беларусі.

З прывітальным словам да гасцей звярнуўся Пасол Беларусі ў Франціі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЭСКА Павел Латушка, які адзначыў унёсак славутага кампазітара ў развіццё беларускай і еўрапейскай культур. Пасол Беларусі таксама звярнуў увагу замежных гасцей мерапрыемства на значную падзею для беларускай культуры ў сувязі з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі па літаратуры беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч і прадставіў выдадзены ў Францыі пераклад на французскую мову яе твора ”Чарнобыльская малітва: Хроніка прышласці“.

Мерапрыемства наведалі паслы замежных краін, архіепіскап Целміскі Іоў, прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх устаноў Францыі і беларускай дыяспары.

Плануецца, што дадзеная музыкальна-харэаграфічная пастаноўка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі будзе прадстаўлена таксама ў бліжэйшыя дні ў гарадах Масква і Варшава.

Урачысты вечар з’явіўся заключным у шэрагу мерапрыемстваў, арганізаваных Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЭСКА з нагоды сусветнага святкавання юбілея М.К. Агінскага.

На працягу 2015 года сумесна з установамі культуры Беларусі і пры падтрымцы ЮНЕСКА адбыліся ўрачысты юбілейны баль, арганізаваны пры ўдзеле музея ”Замкавы комплекс ”Мір“, Гродзенскай капэлы і шоў-балета ”Фіерыя“, а таксама сумесныя канцэрты беларускіх, літоўскіх, польскіх і французкіх выканаўцаў у Парыжы.

Гэтыя мерапрыемствы наведала каля 2 тысяч жыхароў Францыі.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці