:

Беларускі тэатр сабраў аншлаг у Парыжы

07.04.2017 г.

6 красавіка 2017 г. у Парыжы ў тэатральнай зале ”Расіні“ пры арганізацыйнай падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі прайшоў спектакль па п'есе беларускага драматурга Сяргея Гіргеля ”13-ы гузік Напалеона“ у пастаноўцы мінскага тэатральнага праекта ”ТрыТфармаТ“.

Спектакль сабраў аншлаг – амаль 350 прыхільнікаў тэатральнага мастацтва наведалі пастаноўку – і быў вельмі цёпла сустрэты парыжскай публікай. На спектаклі прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій замежных краін, МЗС Францыі, французскіх дзелавых і грамадскіх колаў, беларускай дыяспары.

Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка выказаў словы ўдзячнасці беларускім артыстам за высокі ўзровень тэатральнага мастацтва, прадстаўлены ў чарговы раз на парыжскіх сцэнах. Падкрэсліў, што беларуска-французскае тэатральнае супрацоўніцтва мае глыбокія карані: яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя французскія харэографы стварылі першыя балетныя пастаноўкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, па творах Мальера, Русо і Вальтэра былі пастаўлены оперныя і драматычныя пастаноўкі. Беларускі дыпламат адзначыў, што вельмі важна, што гэтае супрацоўніцтва працягваецца і ў нашыя дні.

Тэатральны праект ”ТрыТфармаТ“ створаны акцёрамі Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі ”Беларусьфільм“ Верай Паляковай і Алесяй Пухавой, а таксама рэжысёрам Таццянай Траяновіч.

Даведачна. У першы спектакль новага тэатральнага праекта па п'есе Бернарда Слэйда ”На тым жа месцы ў наступным годзе …“ былі запрошаныя акцёры Віктар Рыбчынскі і Аляксандр Бранкевіч. Пасля, да праекту далучыліся Арцём Давідовіч, Алена Гіронак, Станіслаў Савосцін, Юрый Баранаў і Антон Макуха.

Былі выпушчаныя прэм'еры, пастаўленыя па п'есах сучасных беларускіх драматургаў: дзіцячы музычны экшн ”Трымай хвост пісталетам!“ (аўтары Юлія Ляшко і Людміла Перагудава) і камедыя ”13-ы гузік Напалеона“ (аўтар Сяргей Гіргель).

”ТрыТфармаТ“ не толькі імкнецца развіваць і папулярызаваць беларускую сучасную драматургію, але і актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю. Так, музычная казка ”Трымай хвост пісталетам!“ была паказана выхаванцам шэрагу мінскіх дзіцячых дамоў і інтэрнатаў.

”ТрыТфармаТ“ неаднаразова прадстаўляў Беларусь за мяжой: у рамках Дзён культуры Беларусі ў Фінляндыі (г.Хельсінкі) і Італіі (г.Неапаль), таксама былі арганізаваны гастролі праекта ў Расіі (г.Масква) і Украіне (г.Кіеў, г.Чарнігаў).

Адбыўшаяся пастаноўка ў Парыжы – другая для вядучых акцёраў Тэатра-студыі кінаакцёра НК ”Беларусьфільм“. Менавіта спектаклем ”Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў“ Тэатра-студыі кінаакцёра ў сакавіку 2016 г. пачаліся I Беларускія тэатральныя сезоны ў Парыжы.

Даведачна. За апошнія гады ў буйнейшых гарадах Францыі з вялікім поспехам неаднойчы выступалі артысты Вялікага тэатру Беларусі, Купалаўскага тэатру, Тэатру-студыі кінаакцёра, балетнай школы Марыны Вежнавец і іншых.

Партнёрамі праекта выступіла французская асацыяцыя ”Demain le Printemps“, спонсарамі – кампаніі ”Данонбел“ і ”Vedettes de Paris“.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці