Language
Сейчас в Минске   Погода в городах Беларуси

Галоўная ЮНEСКА Аб'екты сусветнай спадчыны

Аб'екты сусветнай спадчыны на Беларусі

Белавежская пушча  Белаве́жская пушча — адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы, знаходзіцца на мяжы Беларусі і Польшчы. Агульная плошча каля 145 тыс. га. Пушча з'яўлялася апошнім прыродным месцам пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрапейскай фаўны — зубра.

Для аховы ўнікальных прыродных комплексаў створаны нацыянальны парк Белавежская пушча (Беларусь) і Белавежскі нацыянальны парк (Польшча). Белавежская пушча занесена ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА.

 Мірскі замак уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА 29 лістапада 2000 года. Жамчужына беларускай сярэднявечнай архітэктуры.

Дакладна невядомы час будаўніцтва гэтай славутай крэпасці. Будаўніцтва Мірскага замка праходзіла ў тры этапы. Дзесьці ў пачатку XVI ст. былі пабудаваны вежы і сцены паміж імі. У плане крэпасць уяўляла сабой чатырохкутнік, блізкі да квадрата, утвораны сценамі даўжынёй каля 75 метраў. Другі этап будаўніцтва пачаўся у сярэдзіне XVI ст. На замкавым двары каля ўсходняй і паўночнай сцен былі пабудаваны аднапавярховыя карпусы палаца са шматлікімі складскімі памяшканнямі. Трэці этап будаўніцтва ў замку прыпадае на апошняе дзесяцігоддзе XVI — пачатак XVII ст. і праводзіўся па ініцыятыве Мікалая Радзівіла. Карпусы палаца надбудавалі да трох паверхаў. Былі закладзены байніцы, прабіты вялікія ваконныя праёмы, а верхняя частка сцен разабрана і ўзведзена нанова. Мірскі замак у XVII ст. ператварыўся ў раскошны фартэцыйна-палацавы комплекс, у якім надзвычай удала спалучаліся рысы абарончага збудавання і велічнасць палацавай пабудовы.

 Геадэзічная дуга Струве. Ў XIX ст. навукоўцы многіх краін свету пачалі выконваць новыя градусныя вымярэнні, з дапамогай якіх былі акрэслены памеры і формы Зямлі, і якія адыгралі грандыёзную ролю ў развіцці навуковых ведаў. Пад кіраўніцтвам вядомага рускага астранома першага дырэктара Пулкаўскай абсерваторыі Васіля Струве з 1816 па 1855 год ажыцяўлялася вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Фугленесам (70 градусаў 40 мінут паўночнай шыраты), размешчанага на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна, і Стара-Някрасаўскай (вусце Дуная, 45 градусаў 20 мінут паўночнай шыраты) агульнай працягласцю 2880 кіламетраў.

Дуга Струвэ – найбольш дакладнае і каласальнае па памерах градуснае вымярэнне ў свеце. У працэсе вымярэнняў было закладзена 258 геадэзічных пунктаў на тэрыторыі 10 краін (Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Расія, Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Украіна, Малдова). У выніку пошукава-даследчых работ было выяўлена 19 пунктаў дугі Струве, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі.

 

 Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў. Закладзены князем М. К. Радзівілам Сіроткам у 1583 г.  На пачатку (да 1599 г.) ў будаўніцтве ўдзельнічаў італьянскі архітэктар Дж. Бернардоні. У XVI—XX стагоддзях — рэзідэнцыя князёў Радзівілаў. Уключае ў сабе ўласна замак, замкавыя ўмацаванні, а таксама вялікі ландшафна-пейзажны парк.

Нясвіжскі замак з'яўляецца родапачынальнікам новага тыпу бастыённых умацаванняў у Беларусі — так званай новаітальянскай сістэмы. На момант пабудовы замак лічыўся адным з самых магутных і дасканалых збудаванняў падобнага тыпу.

Увесь комплекс занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2005 годзе.