Language

Галоўная Пасольства Навіны

Аб цырымоніі уручэння ўзнагарод беларускім і французскім дзеячам культуры ў Парыжы

7 красавіка 2017 г. у Пасольстве Беларусі ў Францыі адбылося ўручэнне ўзнагарод Міністэрства культуры Беларусі і Пасольства прадстаўнікам французскай грамадскасці, беларускай дыяспары і дзеячам беларускай культуры за садзейнічанне ў развіцці беларуска-французскага супрацоўніцтва ў культурнай сферы.

Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ад імя Міністра культуры Беларусі Барыса Святлова ўручыў удзячнасць Міністэрства Фабрысу Карэю, кіраўніку асацыяцыі ”Demain le Printemps“, за значны ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй у тэатральнай сферы.

Ф.Карэй на працягу больш за 10 гадоў садзейнічае навучанню французскіх студэнтаў тэатральнаму мастацтву ў Беларусі, а таксама арганізацыі выступленняў беларускіх тэатраў у Францыі. З 2013 года пры падтрымцы асацыяцыі ”Demain le Printemps“ у Парыжы выступілі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, тэатр-студыя кінаакцёра НК ”Беларусьфільм“, тэатральны праект ”ТрыТфармаТ“, а таксама дзяржаўны ансамбль ”Песняры“.

Удзячнасць Міністэрства культуры таксама ўручана кіраўніку асацыяцыі ”Bel'Art“, якая дзейнічае ў Ліёне, Надзеі Крывашанавай за значны асабісты ўклад у папулярызацыю беларускай культуры ў Францыі. Толькі ў 2016 годзе, дзякуючы падтрымцы Н.Крывашанвай, у Ліёне ўпершыню адбыўся Дзень беларускай культуры з выступленнем калектыву ”Талака“ Віцебскай абласной філармоніі, выставай беларускіх рушнікоў і народных рамёстваў, арганізаваны канцэрт дзяржаўнага ансамблю ”Песняры“, павільён Беларусі ў рамках 15-й Консульскай выставы, выступленне дзіцячага калектыву ”Вытокі“ (г.Віцебск), выстава мастацкіх твораў члена Саюза мастакоў Беларусі Вольгі Дзёмкінай, выступленні дзіцячага балету Школы Марыны Вежнавец у Ліёне і Клермон-Ферране.

Падзякі Пасольства Беларусі ў Францыі ўручаны рэжысёру Таццяне Траяновіч і мастацкаму кіраўніку тэатральнага праекта ”ТрыТфармаТ“ Веры Паляковай-Макей за актыўнае садзейнічанне развіццю беларуска-французскага супрацоўніцтва ў тэатральнай сферы.

Падчас цырымоніі Пасол П.Латушка падкрэсліў той факт, што беларускае тэатральнае мастацтва становіцца ўсё больш і больш папулярным сярод французскіх аматараў тэатру, адным з апошніх сведчанняў гэтага з'яўляецца паспяховае прадстаўленне спектакля ”13-ы гузік Напалеона“ у Парыжы 6 красавіка 2017 г. З улікам водгукаў і пажаданняў французскай грамадскасці Пасольства плануе і надалей арганізоўваць выступленні беларускіх тэатраў у Францыі.

На ўрачыстай цырымоніі прэзідэнт ”Восеньскага салона“ – мастацкай выставы, якая праходзіць у Парыжы на працягу 113 гадоў – Сільві Кёхла ўручыла ўзнагароду Паслу Беларусі ў Францыі П.Латушку за садзейнічанне ва ўсталяванні і развіцці супрацоўніцтва паміж беларускімі і французскімі сучаснымі мастакамі. Так, у 2016 годзе ўпершыню на ”Восеньскім салоне“ на славутых Елісейскіх палях быў адкрыты павільён беларускіх мастакоў і, у сваю чаргу, на ”Восеньскім салоне“ у Мінску была прадстаўлена экспазіцыя французскіх мастакоў – удзельнікаў парыжскага ”Восеньскага салона“. С.Кёхла адзначыла, што ”Восеньскі салон“ мае шчыльнае супрацоўніцтва з Японіяй і выразіла зацікаўленасць у пашырэнні гэтага вопыту на Беларусь.

8 красавіка 2017 г. Т.Траяновіч і В.Палякова-Макей па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Францыі выступілі ў прамым эфіры радыёстанцыі ”Радыё 2 сталіц“, дзе распавялі пра стан і перспектывы развіцця тэатральнай школы ў Беларусі.