:

25 гадоў асноўнаму закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

04.03.2019 г.

У 2019 годзе спаўняецца 25 гадоў асноўнаму закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета і з'яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, якая дзейнічала пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Згодна з Канстытуцыяй адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ (артыкул 3). Рэалізуючы сваё права на непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы (артыкул 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), грамадзяне па найважнейшых праблемах дзяржаўнага і грамадскага жыцця вызначылі будучыню нашай дзяржавы на рэспубліканскіх рэферэндумах, рашэнні якіх знайшлі сваё адлюстраванне ў зменах і дадатках дзеючай Канстытуцыі (рэферэндумы 1996 і 2004 гадах.).

Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці.

Канстытуцыя Беларусі таксама ўвабрала ў сябе лепшы сусветны вопыт, заканатворчасці, які існаваў на той момант, што цалкам заканамерна, бо менавіта на тэрыторыі нашай краіны дзейнічала адна з першых канстытуцый сярэднявечнай Еўропы — Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Структура Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сістэму канстытуцыйных норм і мае прэамбулу (уступ), асноўную частку, заключныя і пераходныя палажэнні. Складаецца яна з 146 артыкулаў.

У Прэамбуле Канстытуцыі сфармуляваны асноўныя ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва і грамадскага развіцця. Гэта адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі; усведамленне сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольніцтва, неад'емнае права на самавызначэнне; апора на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці; зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна; забеспячэнне грамадзянскай згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.

У першым раздзеле Канстытуцыі «Асновы канстытуцыйнага ладу» даецца характарыстыка беларускай дзяржавы як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой, замацавана ўзаемная адказнасць грамадзяніна і дзяржавы.

У другім раздзеле «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўваюцца асабістыя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы і свабоды грамадзян, вызначаюцца абавязкі грамадзян, адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай, яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.

Трэці раздзел «Выбарчая сістэма. Рэферэндум» замацоўвае асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы, устанаўлівае парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў.

У чацвёртым раздзеле «Прэзідэнт, Парламент, Урад, Суд» вызначаюцца статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыя, формы і метады дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, вызначаецца структура судовай улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў рэспубліцы.

Пяты раздзел «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» вызначае, праз якія структуры грамадзянамі ажыццяўляецца мясцовае кіраванне і самакіраванне, іх статус і паўнамоцтвы.

У шостым раздзеле «Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю» змешчаны нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць двух дзяржаўных органаў – Пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю.

У сёмым раздзеле «Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь» устанаўліваецца, што на тэрыторыі рэспублікі праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка, вызначаецца парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўленне агульнадзяржаўных расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.

Восьмы раздзел «Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення» вызначае месца і ролю Канстытуцыі, фарміраванне ўсёй прававой сістэмы з улікам іерархіі нарматыўных актаў, а таксама раскрывае пытанні дзеяння Канстытуцыі і парадак яе змянення.

«Заключныя і пераходныя палажэнні» змешчаны ў апошнім, дзявятым, раздзеле Канстытуцыі. У ім абазначаны прававыя сродкі для забеспячэння пераходу да рэалізацыі тых норм, якія не могуць быць выкананы адразу з увядзеннем у дзеянне Канстытуцыі, а таксама змешчаны нормы, прысвечаныя асаблівасцям фарміравання, захавання паўнамоцтваў раней створаных і зноў прадугледжаных дзяржаўных органаў.

21 лютага 2019 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў нашай краіне.

У рамках мерапрыемства Міністр замежных спраў Уладзімір Макей працытаваў шэраг палажэнняў Асноўнага закона краіны, якія замацоўваюць суверэннае права Беларусі самастойна ажыццяўляць унутраную і знешнюю палітыку, абараняць сваю незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад.

Больш за 20 замежных дыпламатаў прачыталі на сваіх родных мовах урыўкі з нацыянальных канстытуцый, якія найбольш ярка ўвасабляюць нормы і прынцыпы, на якіх грунтуюцца дзяржаўны лад і палітыка іх краін.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці