:

Аб адкрыцці беларускага павільёна на Парыжскім кніжным салоне да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

24.03.2017 г.

24 сакавіка 2017 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё беларускага павільёна на Парыжскім кніжным салоне. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Пасол Беларусі ў Францыі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выдавецтва ”Белкніга“, французскага Інстытута ўсходніх моў і культур (INALCO), беларускай дыяспары, а таксама наведвальнікі Салона.

Галоўная задача беларускага нацыянальнага павільёна – прыцягнуць увагу замежнай грамадскасці да адзначаемага ў 2017 годзе пад эгідай ЮНЕСКА 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Падчас адкрыцця беларускага павільёну, П.Латушка падкрэсліў, што гэты юбілей з'яўляецца вельмі сімвалічнай датай, якая пацвярджае, што беларуская культура і асвета маюць глыбокія гістарычныя карані, а спадчына Францыска Скарыны, які праз сваю дзейнасць нёс на беларускія землі дух і ідэі Рэнесансу, падкрэслівае прыналежнасць нашай краіны да агульнаеўрапейскай духоўнай прасторы.

Пасол Беларусі зачытаў перад прысутнымі прадмову Францыска Скарыны да сваіх выданняў, перакладзеную на сучасную беларускую мову, а намеснік дырэктара па пытаннях развіцця кніжных фондаў INALCO П'ер-Фрэдэрык Гаррэтт – на французскую мову.

Напрыканцы цырымоніі ў дар Бібліятэцы французскага Інстытута ўсходніх моў ад імя Міністэрства інфармацыі Беларусі была ўрачыста перададзена калекцыя са 127 беларускіх кніг. Прадстаўнікі французскай навучальнай установы высока ацанілі падарунак беларускага боку і адзначылі, што гэтая калекцыя будзе садзейнічаць студэнтам у вывучэнні беларускай мовы, якая выкладаецца разам з 94 мовамі свету ў сценах INALC O.П.-Ф.Гаррэтт адзначыў, што ў гэтым годзе ў Інстытуце беларускую мову пачалі вывучаць 10 французскіх студэнтаў-першакурснікаў.

Парыжскі кніжны салон будзе працягваць сваю працу да 27 сакавіка. Сёлета ў Салоне прымаюць удзел прадстаўнікі 42 краін. Чакаецца, што мерапрыемства наведаюць больш за 150 тыс. наведвальнікаў.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці