:

Аб удзеле беларускіх мастакоў у ”Восеньскім салоне“ на Елісейскіх палях

14.10.2016 г.

З 13 па 16 кастрычніка 2016 г. у Парыжы праходзіць адна з самых вядомых і прэстыжных выстаў выяўленчага мастацтва ў свеце – ”Восеньскі салон“. Выстава, на якой прадстаўлены працы каля 1000 мастакоў з больш чым 44 краін, адкрыта на Елісейскіх палях сталіцы Францыі. Упершыню у гэтым годзе ў рамках Салона прадстаўлена ў якасці ганаровага ўдзельніка Беларусь.

”Восеньскі салон“ праходзіць з 1903 года. Удзел у Салоне прымалі такія выбітныя майстры жывапісу, як Брак, Лежэ, Мадзільяні, Маціс, Рэнуар, Сезан, Шагал.

Экспазіцыю беларускіх мастакоў у ”Восеньскім салоне“ наведалі Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, а таксама старшыня Праўлення ААТ ”Белгазпрамбанк“ Віктар Бабарыка. Падчас наведвання выставы адбыліся перамовы аб перспектывах супрацоўніцтва з Прэзідэнтам ”Восеньскага салона“ Сільві Кёхла, якая ў кастрычніку 2016 г. плануе прыехаць у Мінск.

Пасольства Беларусі ў Францыі выступіла ініцыятарам і адным з суарганізатараў сумесна з ААТ ”Белгазпрамбанк“ удзелу беларускіх мастакоў у прэстыжнай міжнароднай выставе.

У Салоне прадстаўлены творы шасці беларускіх мастакоў і скульптараў: Паліны Амельяновіч, Уладзіміра Грамовіча, Аны Дзідзішкі, Васіля Пяшкуна, Анастасіі Хобатавай, якія ў 2015 годзе прымалі ўдзел у ”Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам“, які адбыўся ў Палацы мастацтваў у Мінску, а таксама Алены Вентрыён – беларускай мастачкі, якая пражывае ў Парыжы.

Неабходна адзначыць, што за апошнія гады пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі беларускія мастакі прымалі ўдзел таксама ў шэрагу іншых прэстыжных выставах у Францыі: выстава ”ART-Capital“ у Гранд-Пале, ”Восеньскі салон“ у Таверні, у галерэі Універсітэта Сарбоны і інш.

Бліжэйшым часам запланавана адкрыццё ў штаб-кватэры ЮНЕСКА выставы дзіцячага малюнка вучняў школ Гродзенскай вобласці, якая будзе прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння ўраджэнца г.Гродна Леона Бакста.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці