:

Аб аншлагавай прэм’еры спектакля “Пан Тадэвуш” Купалаўскага тэатра ў Парыжы

20.06.2014 г.

 

 

18 чэрвеня ў Парыжы ў рамках Дзён беларускай культуры ў Францыі адбыўся паказ прэм’ернага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Пан Тадэвуш” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

Спектакль “Пан Тадэвуш” Нацыянальнага акадэмічнага таэтра імя Янкі Купалы — першая ў гісторыі пастаноўка беларускага рэжысёра на парыжскай сцэне. Сімвалічна, што адкрыццё Купалаўскага тэатра адбылося ў 1890 годзе паказам спектакля “Сфінкс” французскага аўтара Актава Фелье.

Мерапрыемства прымеркавана да 180-годдзя напісання ў Парыжы аднайменнай паэмы Адамам Міцкевічам, які нарадзіўся на Навагрудскай зямлі ў Беларусі.

Паказ спектакля арганізаваны Пасольствам Беларусі ў Францыі і ўпершыню адбыўся пад ганаровым патранатам ЮНЭСКА.

Спектакль прайшоў пры аншлагу. Спектакль наведала больш за 600 гледачоў.

На французскай прэм’еры спектакля прысутнічаў Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, супрацоўнікі Пасольства, прадстаўнікі МЗС і іншых дзяржаўных устаноў Францыі, дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Парыжы,  прадстаўнікі грамадскасці і дзеячы культуры Францыі, беларускай дыяспары, якая пражывае ў Парыжы і сталічным рэгіёне Францыі.

Спектакль прайшоў на беларускай мове з французскімі субтытрамі у тэатры МС93 у зале імя вядомага расійскага рэжысёра Алега Яфрэмава. Для сцэнічнага ўвасаблення спектакля выкарыстаны пераклад беларускага літаратара Язэпа Семяжона, для транслітэрацыі на французскую мову – пераклад Рабэра Буржуа.

Выступленне беларускіх артыстаў было вельмі цёпла ўспрынята французскім гледачом. Публіка напрацягу 10 хвілін стоячы авацыямі вітала выступленне беларускага тэатра ў Парыжы.

Напярэдадні спектакля Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, дыпламаты Пасольства, а таксама артысты Купалаўскага тэатра на чале з мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным усклалі кветкі да помніка Адама Міцкевіча, які ўсталяваны на плошчы Альмы на набярэжнай Сены ў Парыжы.

Даведачна: Парыж стаў для А.Міцкевіча апошнім жыццёвым прыстанкам і яскравай старонкай біяграфіі. Менавіта тут з кафедры Калеж дэ Франс паэт чытаў свае славутыя лекцыі па славянскіх літаратурах. А.Міцкевіч сябраваў і быў знаёмы з выбітнымі дзячамі сусветнай культуры: Пушкіным, Шапэнам, Бальзакам, Жоржам Сандам, Гюго, Гётэ.

Паэма “Пан Тадэвуш” упершыню была выдадзена ў Парыжы ў 1834 годзе. Твор А.Міцкевіча  быў перакладзены на 33 мовы свету, сярод якіх – фінская, дацкая, кітайская, ідыш, эсперанта і іншыя. Першы пераклад паэмы быў зроблены на нямецкую мову ў 1836 г., другі – на французскую мову ў 1844 г., трэці – на беларускую ў 1859 г. Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. Існуе 37 выданняў паэмы на беларускай мове і 59 выданняў на рускай мове. На французскую мову “Пан Тадэвуш” перакладаўся шэсць разоў.

Арганізыцыя спектакля прайшла без прыцягнення бюджэтнага фінансавання, выключна за кошт сродкаў беларускіх і французскіх мецэнатаў і спонсараў, сярод якіх “Дарыда”, “Пежо”, “БелВЭБ”, “Development Bank”, “Трайпл”, “Danone”, “Franceconcert”, “E100”, “Demain le Printemps”, “Belinvestbank” і інш.

 

 

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці