:

Аб святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ЮНЕСКА ў Парыжы

17.02.2017 г.

16 лютага 2017 г. ў Парыжы адбылася літаратурная вечарына-выстава ”Завуся я толькі Янка Купала“.

Мерапрыемства прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя Янкі Купалы і прайшло напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ва ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА.

Літаратурная вечарына-выстава арганізавана сумесна Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі.

Падчас адкрыцця мерапрыемства Пасол, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка падкрэсліў, што адзначаемае ў рамках ЮНЕСКА 500-годдзе беларускага кнігадрукавання сведчыць аб міжнародным прызнанні вялікага ўнёску Беларусі ў сусветную культурную спадчыну. Пасол Беларусі выказаў думку, што ў XXI стагоддзі не будзе больш значнай і сімвалічнай даты для гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, чым паўтысячагадовы юбілей кнігадрукавання.

Як падкрэсліў П.Латушка, Янка Купала з'яўляецца прарокам беларускага адраджэння, а яго творчасць – важнай вяхой у развіцці беларускага літаратурнага слова і працягвае знаёміць з культурай нашай краіны ў свеце. П.Латушка адзначыў сімвалічнасць правядзення гэтага вечара напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы.

Перад гасцямі вечара таксама выступіла дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, якая пазнаёміла прысутных з дзейнасцю музея і экспазіцыяй.

Для дэманстрацыі падчас вечара Пастаянным прадстаўніцтвам спецыяльна былі атрыманы франкамоўныя выданні, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу, якія знаходзяцца ў бібліятэцы штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.

Выстава прадстаўляе жыццё і творчасць Янкі Купалы, а таксама вобразы яго твораў, увасобленыя вядучымі мастакамі-графікамі беларускай школы Васіля Шаранговіча, Георгія Паплаўскага, Міхала Басалыгі, Барыса Заборава.

Знаёмства Янкі Купалы з Францыяй адбылося ў юнацтве праз творы майстроў прыгожага пісьменства. Дэвіз ”Свабода. Роўнасць. Братэрства“ быў блізкі і Янку Купалу.

Французскім шармам напоўніла асабістае жыццё Янкі Купалы яго жонка Уладзіслава Станкевіч. Яе маці, парыжанка Эмілія Станкевіч-Манэ захавала звычку да гальскай акуратнасці і прыхільнасць да французскай кухні і на беларускай зямлі, якая стала для яе другой радзімай. Цешча кансультавала паэта, калі той у 1921 годзе перакладаў ”Інтэрнацыянал“.

Арганізацыя імпрэзы працягвае традыцыю беларускага дыпламатычнага корпусу па святкаванні юбілеяў Янкі Купалы пад эгідай ЮНЕСКА, распачатую Пастаянным прадстаўніцтвам БССР пры ЮНЕСКА ў 1962 годзе і найбольш шырока арганізаваную да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, калі імя паэта было ўнесена ў каляндарны спіс ”Гадавіны выдатных асоб і гістарычных падзей на 1982 год“.

Падчас вечарыны творы Песняра прагучалі на беларускай і французскай мовах з вуснаў беларускай дыяспары і прадстаўнікоў французскай грамадскасці ў рамках міжнароднай грамадска-культурнай акцыі ”Чытаем Купалу разам“. На мерапрыемстве прысутнічала каля 80 гасцей.

Знакамітыя песні на словы Янкі Купалы выканалі выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Таццяна Цыбульская і Таццяна Рэуцкая.

Пасля афіцыйнай часткі арганізатары запрасілі гасцей на беларускі пачастунак.

 

 

Даведачна.

 

Аб выданнях з бібліятэкі ЮНЕСКА

З фондаў бібліятэкі ЮНЕСКА Пастаянным прадстаўніцтвам атрыманы два выданні, прысвечаныя Янку Купалу.

Па-першае, гэта перыядычнае выданне ЮНЕСКА ”Кур'ер ЮНЕСКА“, якое датуецца лістападам 1982 года. На старонках 22-23 ”Кур'ера“ можна знайсці артыкул з нагоды стагадовага юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, напісаны яшчэ адным выбітным беларускім паэтам Максімам Танкам.

Як узор грамадзянскай пазіцыі Купалы Танк у сваім артыкуле прыводзіць верш ”А хто там ідзе?“.

Па-другое, выдадзены ў Парыжы ў 1984 годзе зборнік вершаў Купалы і Коласа ў перакладзе на французскую мову Ірэнай Сакалагорскі і Клодам Фрыу. Анталогія песняроў суправаджаецца аналізам творчасці, падрыхтаваным беларускім пісьменнікам Івана Навуменка.

У кантэксце сённяшняга вечара вельмі сімвалічна, што Іван Навуменка ва ўводзінах да зборніка, гаворачы пра гісторыю беларускай пісьменнасці нагадвае пра Скарыну (старонка 11), называючы яго не толькі беларускім першадрукаром, але і вялікім энцыклапедыстам, які садзейнічаў таму, што ”беларуская культура заняла сваё месца на сусветнай арэне“. Амаль што купалаўскае ” пачэсны пасаг між народамі“.

Такім чынам, Навуменка праз Скарыну перакінуў мост з глыбінь вякоў да ”залатога стагоддзя“ беларускай літаратуры – творчасці Купалы і Коласа.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці