Language

Галоўная Пасольства Навіны

Аб літаратурным вечары у г. Мадрыд, прысвечаным творчай спадчыне Максіма Багдановіча

18 сакавіка 2017 года ў Мадрыдзе адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны творчай спадчыне Максіма Багдановіча, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары і іспанскай інтэлігенцыі, якіх цікавіць беларуская культура.

Ідэя, сцэнарый і арганізацыю вечара распрацавалі Вера Кухарава і Ларыса Малышава – беларускі, якія актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі беларускіх культурных мерапрыемстваў  у Іспаніі. Вера Кухарава з´яўляецца прадстаўніком мадрыдскага выдавецтва ”Іррэверэнтэс“, Ларыса Малышава з´яўляецца каардынатарам культурных праектаў. Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства таксама аказала Пасольства Беларусі ў Іспаніі і музей Максіма Багдановіча (г.Мінск).

Мерапрыемства адбылося ў артыстычным кафэ ”Cósmico“ у цэнтры Мадрыда. Удзельнікі вечара стварылі атмасферу і дэкарацыі пачатку XX стагоддзя, прадставілі фатаграфіі паэта, кніжныя выданні, а таксама апрануліся ў вопратку, якая адпавядала часам жыцця славутага беларускага паэта.

Галоўная ідэя мерапрыемства – звярнуць увагу беларусаў замежжа і іспанскіх грамадзян на творчасць паэта, багатую літаратурную спадчыну аднаго са стваральнікаў нацыянальнай беларускай літаратуры.

На мерапрыемстве гучалі вершы М.Багдановіча розных гадоў, яго лісты, успаміны сучаснікаў паэта на беларускай і рускай мовах, а таксама пераклады вершаў М.Багдановіча на іспанскую мову паэтэсы Анхелы Эспіносы ў выкананні пісьменніка Мігэля Анхеля дэ Руса.

Плануецца, што па ініцыятыве В.Кухаравай і пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Іспаніі і музея Максіма Багдановіча зборнік перакладаў вершаў М.Багдановіча на іспанскую мову выйдзе ў свет у сталіцы Іспаніі ў 2017 годзе.

Беларуская грамадзянка Людміла Несцер спецыяльна для вечара прадставіла ўласныя пераклады на іспанскую мову вершаў ”Эмігранцкая песня“ і ”Санет“.

Напрыканцы вельмі чула і пяшчотна  прагучаў верш паэтэсы з Гомеля Дар'і Дарошка, прысвечаны М. Багдановічу.

Арганізатары мерапрыемства падкрэслілі важнасць падзеі і задавальненне актыўным удзелам у літаратурна-музычным вечары прадстаўнікоў культурнай сферы іспанскай сталіцы, што дазволіла бліжэй пазнаёміць іспанцаў з беларускай паэзіяй пачатку XX стагоддзя, гісторыяй яе станаўлення.