:

Аб мерапрыемствах у г.Парыжы з нагоды святкавання 100-годдзя дыпламатычнай службы Беларусі

31.01.2019 г.

 

30 студзеня 2019 г. у Пасольстве Беларусі ў Францыі прайшлі мерапрыемствы з нагоды святкавання 100-годдзя дыпламатычнай службы Рэспублікі Беларусь.

З гэтай нагоды ў будынку Пасольстве была адкрыта памятная дошка з імёнамі ўсіх кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных місій у г.Парыжы, пачынаючы з прызначэння ў 1962 годзе Барыса Кудраўцава Пастаянным прадстаўніком БССР пры ЮНЕСКА. Таксама была арганізавана выстава копій дакументаў з Нацыянальнага архіва Беларусі і Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку рассакрэчаныя дакументы з архіву Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі і МЗС СССР, якія тычацца гісторыі стварэння і дзейнасці беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў г.Парыжы. Памятную дошку адкрылі Пасол Беларусі ў Францыі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка і дырэктар дэпартамента кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі Фларанс Манжан.

У сваім прывітальным слове да прысутных Пасол Беларусі ў Францыі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка адзначыў, што “асновы беларускай дзяржаўнасці маюць глыбокія карані, якія вядуць яшчэ з часоў Полацкага і Тураўскага княстваў, са з’яўлення на нашай зямлі гарадоў, старэйшых за многія еўрапейскія сталіцы, далей – ВКЛ, Магдэбургскае права, стварэнне БНР і БССР, а потым заканамерным чынам узнікла краіна, якая сёння называецца Рэспублікай Беларусь – не штучнае фармаванне, а вынік натуральнай гістарычнай пераемнасці”.

У рамках урачыстасці адбылося ўручэнне Ганароваму консулу Беларусі ў г.Ліёне Жан-Жаку Ранку дзяржаўнай узнагароды – медаля Францыска Скарыны. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ж.-Ж.Ранк узнагароджаны “за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Французскай Рэспублікай, папулярызацыю культурнай спадчына беларускага народа за мяжой”.

На мерапрыемствах у Пасольстве прысутнічалі Віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай асамблеі Францыі Кароль Бруно-Банар, старшыня камісіі па фінансах Сената Францыі Вінсан Эбле, старшыня групы сяброўства Францыя–Беларусь у Сенаце Францыі Шарль Генэ, старшыня групы сяброўства Францыя–Беларусь у Нацыянальнай Асамблеі Францыі Крыстоф Ляжэн, а таксама прадстаўнікі МЗС Францыі і дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў г.Парыжы, беларускай дыяспары і французскай грамадскасці.

 

У рамках завяршэння дыпламатычнай дзейнасці Пасол Беларусі ў Францыі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка ў зваротным слове да прысутных адзначыў, што “для Беларусі Францыя з’яўляецца адным з найважнейшых палітычных і эканамічных партнёраў у свеце, і ў ЕС, адзначыў, што дзве краіны аб’ядноўвае шмат падзей у гісторыі і падкрэсліў важнасць створаных за апошнія гады і дзейнасць канкрэтных інструментаў двухбаковага супрацоўніцтва ў рамках гандлёва-эканамічнай камісіі, праз правядзенне бізнес-форумаў і эканамічных прэзентацый, рэгіянальнае супрацоўніцтва і кантакты ў гуманітарнай сферы”.

Тэзісы прывітальнага слова Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, Партугальскай Рэспубліцы, Каралеўстве Іспанія, Княстве Манака, Пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА і ЮНВТА Паўла Латушкі на на ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя дыпламатычнай службы Беларусі

г.Парыж, 30 студзеня 2019 г.

 

Вашы Экселенцыі,

Ваша Высокасць,

Паважаныя сенатары і дэпутаты,

Дарагія сябры!

Мне прыемна вітаць вас усіх у Пасольстве Беларусі ў Францыі з нагоды святкавання 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы.

Натуральна, што беларуская дыпламатыя значна старэйшая за 100 год, яе гісторыя вымяраецца стагоддзямі.

Асновы беларускай дзяржаўнасці маюць глыбокія карані, якія вядуць яшчэ з часоў Полацкага і Тураўскага княстваў, са з’яўлення на нашай зямлі гарадоў, старэйшых за многія еўрапейскія сталіцы.
Далей – ВКЛ, Магдэбургскае права, стварэнне БНР і БССР.
А потым заканамерным чынам узнікла краіна, якая сёння называецца Рэспублікай Беларусь – не штучнае фармаванне, а вынік натуральнай гістарычнай пераемнасці.

Сучасная беларуская дыпламатычная служба звязана са стварэннем Камісарыята па замежных справах Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусія 22 снежня 1919 года. Гэта дата з бягучага года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі зацверджана ў якасці Дня дыпламатычнага работніка Рэспублікі Беларусь.

Сёння мы ганарымся тым, што Беларусь у 1945 годзе стала адной з краін –заснавальнікаў ААН.

Мы ўзгадваем выбітных дыпламатаў – ураджэнцаў Беларусі.
Гэта і Аляксандр Чарвякоў, і Кузьма Кісялёў, і канешне Андрэй Грамыка, 110-гадовы юбілей якога мы святкуем сёлета.

Гісторыя стварэння беларускіх замежных прадстаўніцтваў таксама мае працяглы шлях. Першае беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Парыжы было адкрыта ў 1962 годзе – гэта было Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ЮНЕСКА.

І сёння з нагоды 100-годдзя беларускай дыпламатыі мы адкрываем памятную дошку кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных місій у Парыжы з 1962 года.

 

Дзякую.

 

Тэзісы прывітальнага слова Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, Партугальскай Рэспубліцы, Каралеўстве Іспанія, Княстве Манака, Пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА і ЮНВТА Паўла Латушкі на мерапрыемтсве з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі

г.Парыж, 30 студзеня 2019 г.

 

Вашы Экселенцыі,

Ваша Высокасць,

Шаноўныя сенатары і дэпутаты,

Дарагія сябры!

Я рады вітаць Вас у Пасольстве Беларусі ў Францыі.

Спачатку хацеў бы сказаць словы ўдзячнасці ўсім партнёрам і сябрам Пасольства за наша плённае шматгадовае супрацоўніцтва.

Беларусь і Францыю аб'ядноўвае значна больш, чым можна ўявіць.

Вялікія мастакі і скульптары знакамітай “Парыжскай школы”– Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін і многія іншыя — выхадцы з Беларусі. Многія помнікі XV-XVI стагоддзяў на беларускай зямлі ўзведзены пад уплывам французскіх архітэктараў. Выбітны французскі харэограф Луі Дзюпрэ ў XVIII стагоддзі фактычна стаў стваральнікам беларускага балета. Імя француза з Ліёна Жана Эмануэля Жылібера назаўжды ўпісана ў гісторыю беларускага горада Гродна. Не так даўно мы таксама атрымалі шэраг пацверджанняў таго, што Шарль Дэ Голь у Першую сусветную вайну знаходзіўся ў Беларусі, у г.Шчучыне.
Гераічны шлях эскадрыллі “Нармандыя-Нёман” – наш гонар і слава.

Гэты спіс можна пашыраць і дапаўняць.

Для Беларусі Францыя — адзін з найважнейшых палітычных і эканамічных партнёраў у свеце ў цэлым, і ў ЕС у прыватнасці. Вось чаму для мяне падчас дыпламатычнай місіі было важна пашырыць інструментарый двухбаковага супрацоўніцтва. За апошнія гады была створана міжурадавая гандлёва-эканамічная камісія, рабочыя групы па пытаннях турызму і аховы навакольнага асяроддзя, праведзена 5 беларуска-французскіх бізнес-форумаў. Сістэмны характар маюць міжпарламенцкі дыялог і дыялог паміж міністэрствамі замежных спраў. 

Прыярытэтна мы актывізавалі кантакты з рэгіёнамі: адкрылі ганаровае консульства Францыі ў г.Брэсце і ганаровыя консульства Беларусі ў гг.Ліёне, Бардо, Марселі і Біярыцы. Праведзена 60 эканамічных прэзентацый у рэгіёнах. Мы палічылі, што для правядзення сустрэч і ўстанаўлення новых кантактаў, прэзэнтацый Беларусі падчас працы праехаў па Францыі больш за 700 тыс. кіламетраў.

Дагаворна-прававая база пашырана пагадненнямі аб супрацоўніцтве ў сферах эканомікі, аховы навакольнага асяроддзя, транспарту, турызму, франкафоніі і інш.

За шэсць гадоў з нашым удзелам арганізавана больш за 200 культурных праектаў у больш чым 50 гарадах Францыі: Дні беларускай культуры і кіно, Беларускія тэатральныя і музычныя сезоны, выступленні ансамбляў «Песняры» і «Харошкі», штогадовая акцыя “Заспяваем гімн Беларусі разам” і многія іншыя. Больш за 100 беларускіх мастакоў прынялі ўдзел у выставах у Францыі, у тым ліку ў такіх буйных, як “Art Capital” у Гранд Пале і “Восеньскі салон” на Елісейскіх палях.

Мы актывізавалі наша ўзаемадзеянне з беларускай дыяспарай у Францыі: у гг.Парыжы, Ліёне, Марселі, Бардо, Клярмон-Фяране і ў іншых гарадах.

У нас шмат агульнага было ўчора, ёсць сёння і будзе заўтра.

Давайце і далей супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць у нашым агульным еўрапейскім доме.

Дзякуй вялікі

 

 

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці