Language

Галоўная Пасольства Навіны

Аб працы Пасольства Беларусі ў Францыі па папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў 2017 годзе

21 лютага пад эгідай ЮНЕСКА святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 г. і адзначаецца з 2000 года.

23 лютага 2018 г. з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Штаб-кватэры ЮНЕСКА ў г.Парыжы прайшла ўрачыстая цырымонія, прысвечаная падрыхтоўцы арганізацыяй Сусветнага атласа моў і абвяшчэнню Генеральнай Асамблеяй ААН 2019 года Сусветным годам карэнных народаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА.

Пасольствамі Беларусі ў Францыі і Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА на працягу 2017 года падоўжана праца па папулярызацыі беларускай мовы і культуры, пашырэння інфармаванасці аб гісторыка-культурнай спадчыне беларускага народу.

Так, у рамках Дзён беларускай культуры ў Францыі на працягу 2017 года ў Францыі было праведзена больш за 30 мерапрыемстваў у наступных гарадах: Парыж, Ліён, Бардо, Страсбург, Авіньён, Марсэль, Панціні, Мужэн, Мантань-о-Перш, Сант-Эмільён, Сант-Мало, Пеноцье і інш., якія наведала больш за 50 тысяч жыхароў і гасцей Францыі. Галоўнымі падзеямі Дзён беларускай культуры ў Францыі сталі арганізацыя “ІІ беларускіх тэатральных сезонаў” і “ІІ беларускіх музычных сезонаў”. Падчас беларускіх культурных мерапрыемстваў у Францыі было прадстаўлена беларускае тэатральнае, музычнае, харэаграфічнае, выяўленчае, манументальнае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн.

Адным з прыярытэтаў працы ў гуманітарнай сферы ў 2017 годзе стала святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У рамках святкавання былі праведзены наступныя мерапрыемствы:

– 16 лютага 2017 г. у г.Парыжы Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі прайшла прымеркаваная да 135-годдзя Янкі Купалы літаратурная вечарына-выстава ”Завуся я толькі Янка Купала“. Удзельнікамі вечарыны на беларускай і французскай мовах былі прадэкламаваны вершы беларускага Песняра;

– 16 кастрычніка 2017 г. адбыўся візіт дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага ў г.Парыж, у рамках якога Нацыянальнай бібліятэцы Францыі і Бібліятэцы Нацыянальнай асамблеі Францыі былі перададзены ў дар поўныя факсімільныя выданні друкаванай спадчыны беларускага першадрукара Ф.Скарыны ў 20 кнігах,

– 17 кастрычніка 2017 г. у саборы “Ля Мадлен” г.Парыжы Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі быў арганізаваны канцэрт Маладзёжнага сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Канцэрт прайшоў пры падтрымцы МЗС Беларусі;

На працягу 2017 года ў Францыі выступілі вядомыя беларускія калектывы: Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, тэатр “Тры  Т  фармат”, Маладзёжны сімфанічны аркестр Беларуская дзяржаўнай акадэміі музыкі, аркестр упраўлення Міністэрства па надзвычайных становішчах Магілёўскай вобласці і іншыя калектывы.

Беларускія мастакі другі раз прынялі ўдзел у Восеньскім салоне на Елісейскіх палях, які з’яўляецца найбольш старой (праводзіцца 114 гадоў) і прэстыжнай выставай сучаснага выяўленчага мастацтва як у Францыі, так і ў свеце.

Чацвёрты год запар на адной з цэнтральных плошчаў Парыжа – Тракадэро, на фоне Эйфелевай вежы больш за 100 прадстаўнікоў беларускай дыяспары, французаў – сяброў Беларусі, супрацоўнікаў беларускага Пасольства сумесна правялі акцыю “Заспяваем гімн Беларусі разам”.

Пры падтрымцы МЗС Беларусі, па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Францыі з удзелам дыпмісій Беларусі ў г.Маскве і г.Астане была арганізавана дэманстрацыя міжнароднай выставы выяўленчага мастацтва “Ад Лісабона праз Мінск, Маскву, Астану да Уладзівастока”.

Чацвёрты год запар з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары і французскай грамадскасці адбылося святкаванне беларускага Купалля ў Францыі (г.Ліён).

У 2017 годзе на агароджах пасольстваў Беларусі ў Парыжы, Бруселі, Берліне, Вене была падоўжана дэманстрацыя арт-праекта “Спадчына Беларусі”. Арт-праект адбыўся па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Францыі, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі пад патранатам МЗС Беларусі.

Важна адзначыць, што актыўную падтрымку ў арганізацыі дадзеных мерапрыемстваў Пасольству аказалі прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія ўзначальваюць асацыяцыі “Жыццё ў музыцы” (кіраўнік Георгій Сасноўскі), “Беларусь-Францыя: сяброўства” (кіраўнік Аркадзь Валадось), “Bel-art”( кіраўнік Надзея Крывашанава) і французскай асацыяцыі “Заўтра вясна” (кіраўнік Фабрыс Карэй).

У 2018 годзе Пасольства і Пастаяннае прадстаўніцтва плануе арганізаваць шэраг беларускіх культурных мерапрыемстваў у Францыі, сярод якіх варта вылучыць працяг традыцыі арганізацыі беларускіх Калядак у г.Парыжы і г.Ліёне, паказ спектакляў беларускіх тэатраў, выступленне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”, правядзенне мерапрыемстваў па святкаванні 300-годзя нараджэння Саламеі Рэгіны Русецкай (уключана ў ліст памятных дат, якія будуць святкавацца ў 2018 годзе пад эгідай ЮНЕСКА), удзел беларускіх мастакоў у міжнароднай выставе “Art Capital” у Гранд-Пале і іншыя.