:

Аб Другіх беларускіх музыкальных сезонах у Францыі

01.12.2017 г.

У рамках Другіх беларускіх музыкальных сезонаў у Францыі 30 лістапада 2017 г. Пасольствам Беларусі ў Францыі сумесна з Франка-Беларускай музычнай Асацыяцыяй «La Vie En Musique» (“Жыццё ў музыцы”), якую ўзначальвае Георгій Сасноўскі, вядомы беларускі музыкант і кампазітар, які пражывае ў Францыі, быў праведзены музычны вечар. Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У прывітальным слове Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка адзначыў важнасць развіцця двухбаковых беларуска-французскіх адносін у галіне культуры, якія спрыяюць больш глыбокаму ўзаемаразуменню паміж нашымі краінамі і народамі. Пасол таксама падкрэсліў тую вялікую ўвагу, якую надае наша краіна падтрымцы таленавітай моладзі, у тым ліку ў музыцы і жывапісу.

У рамках мерапрыемства прайшоў канцэрт двух маладых беларускіх таленавітых піяністаў – Веранікі Сахаравай малодшай і Уладзіслава Хандогі. Музыканты выканалі творы сусветна вядомых кампазітараў Шапэна, Грунфельда, Равэля, Філіпенка.

Акрамя канцэрту адбылося адкрыццё выставы жывапісу трох пакаленняў беларускай мастацкай дынастыі Гоманавых: Уладзіміра, Леаніда і Ганны. Леанід і Ганна Гоманава прынялі ўдзел у адкрыцці выставы.

У 2017 годзе пад эгідай ЮНЕСКА адзначаецца 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Гэтай эпахальнай падзеі было прысвечана шмат мерапрыемстваў, арганізаваных у розных краінах свету, у тым ліку ў Францыі. Падчас гэтага музычнага вечара гасцям Пасольства быў прадэманстраваны зняты кінастудыяй «Беларусьфільм» фільм «Першадрук», прысвечаны жыццю і дзейнасці Францыска Скарыны, а таксама праведзена прэзентацыя ўнікальнага факсімільнага выдання ўсіх кніг, надрукаваных Ф.Скарынам.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі французскай грамадскасці, а таксама беларускай дыяспары.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці