:

Аб удзеле Пасла Беларусі П.Латушкі ў Міжнароднай канферэнцыі “Мір і спорт”

08.12.2017 г.

7–8 снежня 2017 года Пасол Беларусі ў Францыі і Манака па сумяшчальніцтве Павел Латушка ў якасці прадстаўніка Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі “Мір і спорт”. Дадзеная міжнародная канферэнцыя праходзіла ў Манака ў дзесяты раз, сабрала прадстаўнікоў больш за 110 краін свету. У канферэнцыі прынялі ўдзел Князь Манака Альбер ІІ, прадстаўнікі кіраўніцтва шэрагу дзяржаў, міністры спорту краін свету, замежныя паслы, чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, вядомыя спартсмены. Да ўдзельнікаў канферэнцыі прывітальны зварот накіраваў Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

У межах канферэнцыі, якая праходзіла пад назвай “Спартыўныя інавацыі і сацыяльныя трансфармацыі”, адбыліся дыскусіі, прысвечаныя ўплыву спорту на развіццё грамадства, на фарміраванне дзякуючы спорту падставаў для ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж рознымі краінамі і народамі.

У рамках канферэнцыі П.Латушка правёў сустрэчу з Генеральным сакратаром Сусветнай турысцкай арганізацыі Талебам Рыфаі. У ходзе сустрэчы абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з Сусветнай турысцкай арганізацыяй, аказанне з боку арганізацыі дапамогі Беларусі ў рэфармаванні турыстычнай сферы краіны, увядзенне новых падыходаў да актывізацыі ўязднога турызму ў нашу краіну. П.Латушка падзякаваў Т.Рыфаі за інфармацыйна-метадычную падтрымку з боку дадзенай арганізацыі ў развіцці турыстычнай сферы краіны, праінфармаваў аб рэалізацыі дамоўленасцей, якія былі дасягнуты падчас візіту Т.Рыфаі ў Беларусь у ліпені 2017 г. Т.Рыфаі праінфармаваў Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі П.Латушку аб распрацоўцы арганізацыяй брэнду Беларусі, які ў бліжэйшы час будзе прадстаўлены беларускаму боку. П.Латушка распавёў Т.Рыфаі аб плануемым адкрыцці нацыянальнага стэнда Беларусі на міжнароднай турыстычнай выставе FITUR-2018, якая пройдзе з 17 па 21 студзеня 2018 г. у г.Мадрыдзе.

Падчас канферэнцыі П.Латушка правёў сустрэчу з былым Генеральным дырэктарам ЮНЕСКА Ірынай Бокавай, якая займала сваю пасаду з 2009 па 2017 гг. І.Бокавай быў перададзены ліст удзячнасці ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі за актыўную дзейнасць на пасадзе Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА і падтрымку з боку ЮНЕСКА ў рэалізацыі разнастайных праектаў у галіне адукацыі, культуры, інфармацыі ў Беларусі. І.Бокава выказала шчырую ўдзячнасць за словы падзякі з боку Кіраўніка беларускай дзяржавы. І.Бокава павіншавала беларускі бок з высокім узроўнем падтрымкі падчас выбараў у Выканаўчы савет ЮНЕСКА ў лістападзе 2017 года, адзначыўшы, што Беларусь атрымала найбольшую колькасць галасоў краін-членаў ЮНЕСКА, што з’яўляецца вынікам ацэнкі дзейнасці Беларусі ў дадзенай уплывовай міжнароднай арганізацыі. П.Латушка і І.Бокава дасягнулі дамоўленасць аб арганізацыі ў г.Парыжы сустрэчы з мэтай атрымання інфармацыйна-кансультатыўнай дапамогі з боку былога Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА ў арганізацыі дзейнасці Беларусі ў рамках Выканаўчага савета ЮНЕСКА.

У ходзе канферэнцыі адбылася размова П.Латушкі з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міра 2006 года Мухамадам Юнусам, які даў станоўчую ацэнку ўзроўню развіцця спорту ў Беларусі.  

П.Латушка таксама правёў сустрэчу з Міністрам унутраных спраў Княстава Манака Патрысам Селарыа, які адказвае за супрацоўніцтва ў сферах бяспекі, культуры, спорту і моладзі. Падчас гутаркі адбылося абмеркаванне рэалізацыі сумесных эканамічных і культурных праектаў паміж Беларуссю і Манака. П.Латушка праінфармаваў аб планах арганізацыі эканамічнай прэзентацыі Беларусі ў рамках дзейнасці Эканамічнага савета Манака ў лютым 2018 г., а таксама аб арганізацыі выставы сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі ў Манака. Таксама П.Латушка распавёў, што ў лютым 2018 г. адбудзецца цырымонія перадачы ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі твораў сучаснага мастацтва аднаго з калекцыянераў, які пражывае ў Манака. Падчас сустрэчы з П.Селарыа было абмеркавана пытанне ўдзелу прадстаўнікоў Манака на ІІ Еўрапейскіх гульнях, якія адбудуцца ў 2019 годзе ў Беларусі.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці