:

Аб уручэнні даверчых лістоў Паслом П.Латушкам Князю Манака Альберу II

26.04.2017 г.

25 красавіка 2017 г. адбылася афіцыйная цырымонія ўручэння даверчых лістоў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Княстве Манака па сумяшчальніцтве Паўлам Латушкам Князю Манака Альберу II.

Падчас размовы паміж П.Латушкам і Князем Манака апошнім была падкрэслена важнасць таго фактара, што Беларусь прызначыла першага ў гісторыі беларуска-манакскіх адносін Пасла ў Княстве Манака. Пасол Беларусі ў Манака па сумяшчальніцтве П.Латушка прадставіў бачанне беларускага боку развіцця адносін паміж дзвюма краінамі ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах.

Асаблівая ўвага была нададзена перспектывам развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. П.Латушка паінфармаваў аб тым, што падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром Эканамічнага савета Манака Алів’е Барэллі была дасягнута прынцыповая дамоўленнасць аб падпісанні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Эканамічным саветам Манака, а таксама аб правядзенні сумеснай беларуска-манакскай прэзентацыі магчымасцей гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

П.Латушка паінфармаваў Яго Светласць аб перспектывах рэалізацыі шэрагу праектаў у культурнай сферы: прапрацоўкі арганізацыі гастроляў Нацыянальнага балета Монтэ-Карла ў Беларусі і выступлення пераможцаў цыркавога фестываля, які штогод праходзіць у Манака. П.Латушка падкрэсліў, што ў бягучым годзе адну з вышэйшых узнагарод дадзенага фестываля атрымаў заслужаны калектыў Республікі Беларусь «Студыя цыркавога мастацтва «Арэна» з г.Гомеля.

Князь Манака Альбер II падкрэсліў важнасць развіцця супрацоўніцтва паміж дзюмя краінамі ў эканамічнай сферы, падтрымаў правядзенне сумеснай бізнэс-прэзентацыі, а таксама рэалізацыю праектаў у культурнай сферы. Падчас размовы былі закрануты пытанні развіцця супрацоўніцтва ў сферы спорту паміж краінамі: арганізацыі ў Беларусі Еўрапейскіх Алімпійскіх гульняў і ўдзелу прадстаўнікоў Беларусі ў міжнароднай канферэнцыі “Мір і спорт”, якая штогод праходзіць у Манака.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча П.Латушкі з Саветнікам (Міністрам) па знешніх сувязях Княства Манака Жылем Танэллі, падчас якой абмеркаваны пытанні рэалізацыі вышэйзгаданых сумесных праектаў. У ходзе размовы абмеркаваны таксама перспектывы адкрыцця Ганаровага консульства Беларусі ў Манака.

Падчас завяршэння афіцыйнай цырымоніі ўручэння даверчых лістоў  Пасол Беларусі ў Манака па сумяшчальніцтве П.Латушка перадаў у дар Князю Манака Альберу II фотаздымак, зроблены каля галоўнага ўвахода ў Нясвіжскі Палац у 1935 годзе падчас знаходжання ў г.Нясвіжы Князя Манака Луі II па запрашэнні Князя Альбрэхта Радзівіла. Таксама Князю Манака Альберу II быў перададзены альбом “Нясвіжскі Палац”, выдадзены пасля завяршэння рэстаўрацыі палаца і памятны медаль “Слуцкія паясы”. П.Латушка расказаў аб стварэнні мануфактур па вытворчасці слуцкіх паясоў прадстаўнікамі рода Радзівілаў на тэрыторыі Беларусі.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці